ТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ШКАЛА́,
спосаб атрымання лікавага значэння тэмпературы на аснове вядомай тэмпературнай залежнасці якой-н. фіз. велічыні; сістэма супастаўленняў такіх значэнняў т-ры. Эмпірычныя Т.ш. грунтуюцца на выбары рэперных (пастаянных) пунктаў, пачатку адліку і памеру адзінкі вымярэння т-ры (градуса), звязанымі з пэўнымі тэрмаметрычнымі (рабочымі) рэчывамі і іх адпаведнымі ўласцівасцямі.
Удасканаленую эмпірычную Т.ш. прапанаваў Г.Д.Фарэнгейт (гл. Фарэнгейта шкала); за рэперныя пункты былі прыняты т-ра сумесі снегу з нашатыром і т-ра цела чалавека (пазней т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску). За градус прынята 1/180 частка тэмпературнага інтэрвалу ў ртутным тэрмометры паміж пунктамі плаўлення лёду (+32 F) і кіпення вады (+212 F). У Т.ш., прапанаванай Р.А.Рэамюрам (гл. Рэамюра шкала), першасна за рэперны пункт прынята т-ра плаўлення лёду, за градус — рознасць т-р, пры якой адносная змена аб’ёму этылавага спірту роўная 0,001. У Цэльсія шкале за рэперныя пункты прыняты т-ры плаўлення лёду і кіпення вады пры нармальных умовах; тэмпературны інтэрвал паміж імі падзелены на 100. У 1852 У.Томсан (лорд Кельвін) увёў абс. эмпірычную Т.ш., дзе адлік т-ры пачынаўся з абсалютнага нуля, а градус вызначаўся на аснове стоградуснай шкалы газавага тэрмометра. Асн. недахоп эмпірычных Т.ш. — іх залежнасць ад тэрмаметрычных уласцівасцей рэчываў. Каб пазбавіцца гэтага недахопу, У.Томсан прапанаваў тэрмадынамічную тэмпературную шкалу. Адвольная эмпірычная Т.ш. зводзіцца да тэрмадынамічнай увядзеннем паправак, якія ўлічваюць характар сувязі пэўнай тэрмаметрычнай уласцівасці з тэрмадынамічнай т-рай. У 1968 13-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах зацвердзіла Міжнародную практычную тэмпературную шкалу (МПТШ-68), якая мае 11 рэперных пунктаў (у МПТШ-90 іх 15) і не залежыць ад канкрэтнага носьбіта шкалы (тэрмометра). Т-ры, адлічаныя па гэтай і па тэрмадынамічнай Т.ш., супадаюць з дакладнасцю, дасягальнай для тэхнікі эксперыменту.
У.Л.Драгун.
т. 16, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)